МАЧАГО́ННЫЯ СРО́ДКІ, дыурэтыкі (ад грэч. diureō выдзяляю мачу),

лекавыя сродкі, якія павялічваюць выдзяленне солей і вады з мачой і змяншаюць колькасць вадкасці ў арганізме. Уздзейнічаюць праз структурную і функцыян. адзінку нырак — нефрон. М.с. падзяляюць на салурэтыкі — выводзяць з арганізма іоны натрыю, калію і інш. (фурасемід, этакрынавая к-та, гіпатыязід, эўфілін і інш); калійзберагальныя — затрымліваюць выдзяленне іонаў калію (спіраналактон, трыямтэрэн і інш.); асматычныя сродкі, якія выклікаюць моцны водны дыурэз (маніт, мачавіна). Адрозніваюць М.с. моцнадзейныя (фурасемід, маніт, мачавіна і інш.), сярэдняй сілы (клапамід, індапамід і інш.), слабога дзеяння (спіраналактон, эўфілін і інш.), камбінаваныя (мадурэтык, практазін і інш.), расліннага паходжання (плады ядлоўцу, лісце талакнянкі, брусніц і інш.). Выкарыстоўваюць пры застойных з’явах у кровазвароце, абумоўленых сардэчна-сасудзістай недастатковасцю, нефрытах, гіпертанічнай хваробе, вострых атручэннях і інш.

М.І.Федзюкоеіч.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)